Фізкультурная забава "Куфар здароўя і цудаў"

У нашай дашкольнай установе адбылося сапраўднае свята сілы, спрыту і роднага слова — фізкультурная забава «Куфар здароўя і цудаў». Мерапрыемства было накіравана на ўмацаванне здароўя выхаванцаў і папулярызацыю беларускіх нацыянальных традыцый праз рухомыя гульні.
Прыгоды для дзяцей пачаліся з неспадзяванай сустрэчы. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак завітала Васілінка, якая знайшла таямнічы ліст з картай. Разам з казачнай гераіняй маленькія падарожнікі адправіліся ў займальны шлях. Нашы выхаванцы праявілі сапраўдную смеласць, дружбу і ўзаемадапамогу, паспяхова пераадолеўшы ўсе спартыўныя перашкоды на сваім маршруце.
Далей дзяцей чакала сустрэча з жыхаром лесу — Лесавічком. Ён ахоўваў той самы незвычайны чароўны куфар. Дзякуючы яго змесціву, выхаванцы з вялікім азартам і радасцю акунуліся ў атмасферу любімых беларускіх народных гульняў. Дзеці з задавальненнем пагулялі ў «Міхасіка», «Гарлачыка», «Бусла і жабак»,«Адгадай, чый галасок» і г.д.
Свята падарыла дзецям шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і пачуццё гонару за сваю нацыянальную культуру. Фізкультурная забава паказала, што беларускія народныя гульні — гэта не толькі выдатны сродак аздараўлення, але і невычэрпная крыніца дзіцячай радасці!