Дзень вуснай народнай творчасці

Далучэнне дзяцей да вытокаў нацыянальнай культуры і выхаванне любові да роднай мовы — адзін з важнейшых кірункаў працы нашай установы дашкольнай адукацыі. На днях у нашым дзіцячым садзе прайшоў насычаны і вельмі яркі Дзень вуснай народнай творчасці, які ахапіў выхаванцаў розных узроставых груп.
На працягу дня ў кожным кутку нашай установы гучала мілагучнае беларускае слова, а педагогі падрыхтавалі для малых разнастайныя фальклорныя актыўнасці.
Так групы дзіцячага саду напоўніліся вясёлымі беларускімі народнымі пацешкамі. Разам з выхавальнікамі дашкольнай адукацыі хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі і запаміналі такія творы, як «Сіўка-варонка», «Сонейка, сонца» і «Сарока-белабока», "Ходзіць коцік па палях". Нашы малодшыя выхаванцы змаглі паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных акцёраў: яркія эмоцыі падарыла расказванне і драматызацыя забаўлянкі «Горкай, горкай, горачкай...», дзе дзеці вучыліся перадаваць характар персанажаў праз рухі і міміку.
Выхаванцы старэйшага ўзросту праявілі свае здольнасці ў рамках творчай майстэрні па матывах беларускай народнай казкі «Пых». Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі выдатную фантазію і крэатыўнасць, ствараючы свае непаўторныя работы і замацоўваючы сюжэт любімай казкі.
Дзень вуснай народнай творчасці прайшоў вельмі дынамічна і падарыў выхаванцам усіх груп шмат радасці, дапамогшы кожнаму дзіцяці адчуць прыгажосць і самабытнасць роднага беларускага слова!