Дзень беларускага ручніка

19 ноября 2026
Дзень беларускага ручніка
У нашым дзіцячым садзе прайшоў тэматычны Дзень беларускага ручніка, прысвечаны аднаму з самых галоўных і прыгожых сімвалаў нацыянальнай культуры Беларусі. Мерапрыемства было накіравана на далучэнне выхаванцаў да вытокаў народнай творчасці і выхаванне павагі да спадчыны продкаў.
На працягу дня ў групах праходзілі цікавыя і пазнавальныя заняткі, дзе дзеці змаглі не толькі даведацца шмат новага, але і паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных народных майстроў:
  • Пазнавальныя гутаркі «Навошта патрэбен ручнік?» і «З чаго зроблены ручнік?»: выхаванцы даведаліся, якую важную ролю адыгрываў ручнік у жыцці беларусаў, як нашы продкі выраблялі льняное палатно і ўпрыгожвалі яго вышыўкай.
  • Разглядванне беларускіх ручнікоў: дзеці з захапленнем даследавалі сапраўдныя вырабы, звяртаючы ўвагу на традыцыйныя колеры — чырвоны і белы, а таксама на геаметрычныя і раслінныя ўзоры.
  • Дыдактычная гульня «Упрыгож ручнік арнаментам»: у гульнявой форме хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся складаць гарманічныя ўзоры з розных элементаў беларускага арнаменту, развіваючы ўвагу і пачуццё рытму.
  • Творчыя майстэрні: свае ўражанні выхаванцы ўвасобілі ў прадуктыўнай дзейнасці. Падчас малявання «Беларускі ручнік», аплікацыі «Ручнік» і работы з размалёўкамі «Размалюем арнамент на беларускім ручніку» кожнае дзіця стварыла свой непаўторны і яркі шэдэўр.
Тэматычны дзень атрымаўся насычаным, цёплым і душэўным. Праз гульню і творчасць нашы выхаванцы дакрануліся да прыгажосці беларускага народнага мастацтва і адчулі гонар за культуру сваёй Радзімы!